МАЛЫ́ КАЎКА́З,
сістэма складкавых горных хрыбтоў у Закаўказзі, якая акаймоўвае з Пн і ПнУ Армянскае нагор’е. Размяшчаецца амаль паралельна Вял. Каўказу і аддзяляецца ад яго Калхідскай нізінай і Курынскай упадзінай. З Вял. Каўказам злучаецца Ліхскім (Сурамскім) хрыбтом. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3724 м (г. Гямыш). У сістэму М.к. ўваходзяць хрыбты Месхецкі, Трыялецкі, Самхецкі, Мургузскі, Шахдагскі, Мураўдаг, Карабахскі і інш. Паўн. і паўн.-ўсх. схілы ўкрыты шыракалістымі і хваёвымі лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі, паўд. — рэдкалессем і хмызняком. Гораўтваральныя працэсы адбыліся ў альпійскую складкавасць. Гл. таксама Каўказ.
т. 10, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)